Мы ўжо тыдзень дома ў Беларусі, але ж я зраблю яшчэ некалькі допісаў аб Арменіі, бо засталося яшчэ некалькі цікавых месц, а потым будзе пост з вынікамі.
Татэў - самы далёкі пункт нашага падарожжа па Арменіі. Гэта была субота, таму часу ў нас было шмат. Зноў дабіраліся аўтаспынам, бо інакш ніяк, аўтобусаў няма. На гэты раз статыстыка была ў норме, нас падвозілі амаль адразу. Дабраліся меньш чым за гадзіну на трох машынах.
Звычайна людзі едуць сюды на Крылах Татэву - гэта самая доўгая ў сьвеце лінная дарога. Так, яна знаходзіцца менавіта ў Арменіі. Але ж нам не пашанцавала, яна была зачынена да першага сакавіка, бо швейцарцы праводзяць планавы агляд , яны яе й пабудавалі.
Таму мы ехалі да Татэву аўтаспынам па жахліваму серпантыну. Жудасная дарога, быццам па сьцяне едзеш.
Аглядзелі Татэў, неверагодны кляштар зь неверагодным краявідам, і пайшлі ўніз.
Ад Татэву ёсьць вельмі маляўнічая сьцежка даўжынёй у 6 км, якая вядзе да занядбанага кляштара - Татэўская пустынь. Там жыве ў адзіноце манах-пустэльнік, які прыйшоў туды пешшу ад Ерэвану. Там, дзе прыгожыя цікавыя трэкінгавыя сьцежкі й цікавыя занядбанкі, там ёсьць мы). Вядома ж мы пайшлі атрымліваць асалоду ад прыгажосьці Варатанскай цясьніны й горнага паветра і глядзець Татэўскую пустынь.
Прыкладна праз дзьве гадзіны мы былі ўнізу. Зайшлі ў галоўны храм кляштара й праз хвіліну туды зайшоў той самы манах пустэльнік праводзіць службу ў адзіноце. Выглядаў ён як звычайны чалавек, толькі меў вялікую сівую бараду. Ён не чакаў нас пабачыць, павітаўся з намі й не зьвяртая на нас увагі пачаў маліцца.
Мы нібы загіпнатызаваныя стаялі ў цэнтры храму й глядзелі на ўсе яго дзеяньні амаль паўгадзіны. У галаве засталіся кадры быццам зь нейкага фільма. Немагчыма перадаць наколькі там было атмасьферна. Старажытны армянскі хрысьціянскі храм, ніякіх ўпрыгожвань, только халодныя муры, манах-пустэльнік, малітвы на армянскай мове, водар дыму ад кадзіла... Гэтая выява застанецца ў маёй галаве на доўгія часы. Мы нават не зрабілі ні воднага здымку знутры храму. Калі прачнуліся, непрыкметна выйшлі. Адтуль пайшлі да дарогі й зноў аўтаспынам вярнуліся ў Гарыс. Вось такія прыгоды беларускіх гномаў, вельмі класны дзень.